РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Па-за вокнамі кружыць мяцеліца,
Па-за вокнамі плачуць вятры...
Быццам ведзьмы за брамаю жэняцца
Альбо едуць на баль гусьляры...
 
Дзесьці там,
Над драмучаю пушчаю,
Сьцелюць зоры цяпер агняцьвет,
А за вёскай ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны канцэрт.
 
Дзесьці там, –
На сівую ваколіцу
Зараз маці з дакорам глядзіць,
I, напэўна, галосіць і моліцца,
I у думках далёкае сьніць.
 
Мабыць, думае:
У ноч гэту цёмную,
У гэту ноч на чужой старане
Плачуць ветры цяпер па пакойнаму,
Плачуць ветры цяпер аба мне.
 
Эх ты родная,
Родная, блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець...
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць, і людзі, і сьвет.
 
Нашы дні – пераліўныя хвалі;
Ў парусах нашых сьвішчуць вятры,
Ўсё плывём мы ў бязьмежныя далі,
Каб жыцьцю дарагое дарыць.
 
А ў жыцьці яшчэ круціць мяцеліца,
А ў жыцьці яшчэ многа сьнягоў;
Па-за нашай ваколіцай сьцелецца
Шматгадовая тлень туманоў.
 
Але што маладому – кіпучаму
Гэты холад апошніх завей;
Хай галосяць марозы траскучыя –
Ад марозу зара пунсавей.
 
Па-над нашай сталёваю пушчаю
Сьцелюць зоры цяпер агняцьвет,
Па-за намі ваўчыныя гульбішчы
Зараз граюць галодны канцэрт.
 
Дарагая,
Далёкая – блізкая,
Ты ня можаш ўсяго зразумець.
За тынянымі дзесьці кулісамі
Ёсьць і шчырасьць, і людзі, і сьвет.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.