РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Раджаўся дзень,
За лесам тухлі зоры,
I хтосьці золата
Над стрэхамі губляў,
А над бялёсымі
Люстэркамі азёраў
Туман сярэбраную
Пражу разматаў.
 
Жалейка пастуха
Дзень новы прывітала,
На канапляньніку
Загралі вераб’і,
Зара за ўзгоркамі
Вачніцы замыкала
I косы вешала
На росныя гаі.
 
А ў полі ціш,
Нямая ціш у полі...
I толькі вецер
Жоўтыя лісты
Разносіць з рогатам
На задуменных гонях,
Як старасьць моладасьці
Выцьвіўшыя сны.
 
Калі ж, калі,
Калі у ціш нямую
Сталёвыя
Засьвішчуць салаўі,
I новы сьпеў,
I радасьць закрасуе
Над дываном засмучаных далін?..
 
Прыйшла вясна,
Як многа тысяч вёсен,
Прыйшла і згінула
Крыклівым журавом,
I зноў каса
Над пожнямі галосіць
I ціха шэпчуцца
Калосьсі пад сярпом.
 
Сыпнула восень
Жоўтымі лістамі,
Павісьлі сінія
Туманы на раку,
I зноў цапы
Драўлянымі зубамі
Ляніва шастаюць
Салому на таку...
 
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
 
Адплачце, гусі,
Сум над балатамі,
Рыссыпце жалабу –
У ліловай ночы сьцень.
I гіне ноч
Над любымі палямі,
I змрокі чорныя
Раджаюць новы дзень.
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.