РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
На зары
На зары іскрыцца сьнег сыпучы
I мароз пушысьцей на зары...
Калі пройдзены абрывістыя кручы,
Перайдзем дрымучыя бары.
 
На зары і радасьць пунсавее,
Весялее скрыпак пераліў...
Маладосьць у казачныя шлеі
Запрагае сонечныя дні...
 
Перайдзем застыўшыя даліны,
Перастанем верыць міражам;
Будзем знаць сапраўдныя пуціны
К дарагім далёкім маякам.
 
Застанецца той за рубяжамі,
Хто ў глухіх асьнежаных палёх,
Вечна жыў сьляпымі міражамі
I блудзіў заўсёды без дарог.
 
На зары іскрыцца сьнег сыпучы
I мароз пушысьцей на зары...
Калі пройдзены абрывістыя кручы,
Перайдзем драмучыя бары.
 
На зары паблёкшыя начніцы
Скрыжавалі вострыя мячы,
Але наша раньне серабрыцца,
Нашым зоркам граюць скрыпачы.
 
На зары і радасьць пунсавее,
Весялее скрыпак пераліў...
Маладосьць у казачныя шлеі
Запрагае сонечныя дні...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.