 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Я зноў у вёсцы... Ружай пунсавее На захадзе марозная зара. На тысячу ладоў вясёлыя завеі Зьвіняць над стрэхамі астыглага двара. У хаце пыл... У хаце многа лому... Скрыпіць мароз у сьлесаках дзьвярэй... Малоціць певень цёртую салому I корміць зернямі прысадзістых курэй. У сэрцы сум... I слодыч успамінаў... Люблю драмаць пад шум верацяна... Люблю, як чэшуць голую асіну Марозныя вятры ля цёмнага акна. Але любіць, Любіць з такім запалам Ўсё тое, што любіў, я болей не магу... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Зара пунсовай стужкай дагарае На мармурова-срэбрыстым сьнягу. Гусьцее змрок... Прывабна на загнеце Карчы сасновыя, палаючы, гараць... Бяру у рукі новую газэту I пачынаю голасна чытаць... А мой сусед Зяўнуў сабе па волі I кажа так (Скрозь драмату і сон): – Скажы, браток, ці скора нам Дазволяць Свабодна ціснуць з брагі самагон. А без таго I сьвята, бач, ня сьвята... Дзяўбнеш паўчарачкі – Сьвятлей на сьвеце жыць... Хоць і жывем мы, братка, не багата, А ўсё прыемна горла прамачыць... А ў хаце пыл... А ў хаце многа лому... Скрыпіць мароз у сьлясакох дзьвярэй... Малоціць певень цёртую салому I топча па чарзе прысадзістых курэй. – Твая, Максім, Бач, хата пастарэла, Даўно пара другую будаваць... – Зямля, дружок, Зямля, брат, адалела, Няма калі ні сеяць, ні араць. I нашы рукі, Братка, не жалеза, Вышэй за пупа нельга, брат, скакаць... Пяць дзесяцін я атрымаў прырэзу, Ды толькі дзён юнацкіх не дагнаць. Тут недалёка хутар ёсьць «Застава», Там нейкая арцель, На неякіх паях, Вось так, дружок, Зусім другая справа, А наша справа, братка, – Швах... Варона нос яшчэ не церабіла, А ты патопчаш пяцера лапцей... Прыстанеш сам, Прыстане і кабыла Пакуль у лозе змоўкне салавей. Ня вылезьці з лапцей, Ня вылезьці з саломы, А паглядзіш, Зямля хоць гаць гаці... Аддам на лета сына ў аграномы – Няхай навучыцца, як сьцежкі церабіць... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Бягуць часы, Даўно з усьмешкай ветлай Патух за гаем сонечны закат... На тысячу ладоў вясёлыя завеі Зьвіняць над занізьзю прынізістых прысад. У сэрцы сум... I слодыч успамінаў... Люблю драмаць пад шум верацяна... Люблю, як чэшуць голую асіну Марозныя вятры ля цёмнага акна... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . ...На хвалях дзён Плыве жыцьцё уперад... Гадзіны вёсламі стрыгуць сівую гладзь... Няма стыхій, Няма стыхійных ветраў, Каб парусы жыцьцёвыя стрымаць... . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . Максім, Максім... Часы – бы хвалі валяць... Заезджаных дарог Нам не таптаць ізноў... Цябе асіліў плуг, А сыну зь сініх даляў Вясна сталёвых гоніць рысакоў.
Вёска Парэчча. Студзень 1927 г.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|