РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Хочу жыць
Хочу жыць,
Захлынацца і верыць.
Піць каханьня нязьведаны боль ..
Дай руку мне,
Дай вусны, дай сэрца,
Дай мне воч тваіх чад-алькаголь.
 
Сёньня п’яны вячэрнія далі,
Сёньня п’яна вішнёвая боль...
Прамінайце, юнацкія хвалі,
Прамінайце жыцьцёвую мель.
 
Прамінайце, жыцьцёвыя стыні.
Хай заранкамі дні зіхацяць...
...Прамінайце!..
А ў гэтых прамінах
Ёсьць адвечная існасьць жыцьця:
 
Маладосьць –
Гэта дзіўная казка,
Непаўторная ў нашым жыцьці...
...Ападаюць
Чароўны краскі,
Ападаюць,
Каб больш не цьвісьці...
 
Дай руку мне,
Дай сэрца надломы,
На калені прысядзь, абнімі;
Прасьпявай пад вячэрнія бомы
Пра затлеўшыя ў сэрцы агні.
Ападуць залатыя лілеі.
I каханьне чароўным віном
 
Хай сягоньня ў туманнай дуброве
Захлынаюцца шчасьцем вятры.
Мабыць, заўтра
Ня мне, а другому
Будзеш дзіўную ружу дарыць.
 
Мабыць, я,
Каб любоў дарагую
Ад цябе і сябе захаваць,
Не кахаючы, буду другую,
Як асеньні «піон» цалаваць.
 
А сягоньня
Мне хочацца верыць...
Піць каханьня нязьведаны боль.
Дай руку мне,
Дай вусны, дай сэрца,
Дай мне воч тваіх чад-алькаголь.
 
Менск, 1927 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.