РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бачу і чую – чую і бачу
З народнага
* * *

 
Любая пчолка!
Ці за гарамі,
Ці за барамі,
Зіму адчуваеш?
Што ты сягоньня
Вечарам росным,
Вечарам сінім
К вульлю прыліпаеш?!
Чую – ня чую,
Бачу – ня бачу...
Нават у дую,
Нават у вею
Я не заплачу.
Хай сабе веіць,
Хай сабе плача
Сьнежная замець;
I заквітнеюць,
I загамоняць
Вёсны з палямі...
 

* * *

 
Ой, ты, дзяўчына!..
Ці за гарамі,
Ці за барамі
Страціла долю?!
Што ты сягоньня
Вечарам росным
Русыя косы
Хіліш да долу?!
Так ці ня гэтак,
Вашы спагады
Чую – ня чую,
Бачу – ня бачу...
Любаму другу
Здраду дарую,
Крыўду дарую,
I не заплачу.
 

* * *

 
Там за гарамі
Ня воўкі завылі,
Зоры дзяньніцы
Ў туман не зблудзілі, –
Гэта зара
Над крыніцаю сьвеціць,
Сьвеціць праз чорныя
Хмары сталецьцяў...
Хмары разыдуцца
Дымам-туманам,
Воўкі згрызуць
На палёх дурнап’яны.
Доля ліхая
З туманамі зблудзіць...
Нашыя душы
Ніхто не астудзіць.
Хай сабе плача,
Хай сабе веіць
Сьнежная замець.
I заквітнеюць,
I загамоняць
Вёсны з палямі...
Чую і бачу,
Бачу і чую
Нашага часу
Вясну залатую.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.