РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ўпрадае дым у залатую гладзь
Па-над прасторамі бярозавая просінь,
Ружовы дзень спусьціўся падрамаць
За верхавінамі смалістых сосен.
 
Мядовы водар кружыць галаву...
У цішыні задумаліся далі.
Рамонкі белыя асьнежылі траву
I ў туманох салодка задрамалі.
 
О, родны край, саломенныя хаты...
Люблю прастораў казачную муць.
Іду адзін,
А тысячы крылатых
Мне пра любоў адвечную пяюць.
 
Тут паланець душа не перастане,
Тут не астыне ў жылах кроў...
Тут кожны крыж – адвечнае змаганьне,
Тут кожны куст – адвечная любоў...
 
О, тут усё...
Так хочу жыць і верыць,
Аддаць душу прыгожасьці палёў,
Гатоў скакаць вясёлым піянерам
Пад залатыя гусьлі салаўёў.
 
Па-над прасторамі
Бярозавая просінь,
Ўпрадае дым у залатую гладзь
За верхавінамі смалістых сосен.
Ружовы дзень спусьціўся падрамаць.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.