О, памагае зямля шмат У кожнай хваробе свая! Я ж не стары запасны салдат, А гэта ведаю добра і я! Нашая вёска Сялявічы зьвецца. Былі уніяты калісьці дзяды. Добрая вёска: стаіць пры рэчцы, I жывуць людцы у нас без бяды. На дровы ня трудна, і выганы ёсьць, Але за веру дык цярпелі ня мала: Асэсар зганяе, зьдзірае і муча нас досьць, А поп сабе такжа дзярэць з нас, бывала. I як толькі, бывала, званар той зазвоне, Дык тут, як зь зямлі, асэсар тыц! I гвалтам з хат цягне, у цэркву гоне, Проста у сьвяце ня можна і жыць, Але ня доўга, народ прыхітрыўся: Кожны ў нядзелю раненька ўстане, Апрануўся, абуўся, памыўся І марш у лясы, як паны на паўстаньне. А там у пушчы гдзе-кольвек зьбяруцца, Чытаюць малітвы і плачуць шчэра; Скончуць маліцца і разыдуцца, Вот і ўся была тут іх вера. Самі сябе хрысьцілі з вады, Жаніліся так, што бяз шлюбу... I многа, многа было з тым бяды, I многа людзям што на згубу! Прыйшлася калейка мая у салдаты; У воласьці ж нашай прымалі. Ведама, плачуць усе з нашай хаты, А і чужыя сьлязамі жагналі. Матка шкаплерык дала на дарогу, Бліночкаў з цэду з сланінай, Я памаліўся нашаму Богу I еду ў набор той з старшынай. А чуў, што ў чужой старане Надта маркотна па роднай зямлі; А сэрца млее, што возьмуць мяне! Недарма старшына з салдатам прыйшлі. Плачу я сьлёзна і думаю так: Зямлі ж і з сабой мне можна узяць... Узяў у кішэнь так грудку з кулак, I палегчала зараз, як слова сказаць! Здалі ў салдаты: «Ступай прысягаць На вернасьць!» – «Ой, не, – кажу, – пане, Я каталік, гатоў памагаць I людзям і цару, даю абяцаньне, Але прад Богам сваім, у касьцеле, Як Бог прыказаў, у сваей веры; Бо Бог у мяне ў сэрцы тыкеле, А вашаму Богу дык трэба паперы!» Зьдзіваваліся ўсе: «Ці здурэў, Ці ты, – кажуць, – такі з малога? Так і царква табе то ня хлеў?.. Усе цара аднаго мы і Бога». «Так, – кажу, – так, каталіцкая ж вера Іншы ад рускай мае парадак; Я прысягну вам і шчэра, Але па-свойму і без дакладак». Тузалі доўга мяне і ганялі, I поп навуку мне гаварыў, А я дзяржуся болей ды далей I сам замучыўсь і іх задурыў. Такі ж запісалі, што я каталік I прысягу даў у касьцеле! Да службы якосьць прэндка прывык, Гадкоў зь дзесятак служыў тыкеле. Але заслалі мяне за кару За тысячу міль! Вун аж куды! Ня быць і зь цялятамі там Макару, Там не заходзяць навет жыды! Там зімой дык і слонца няма, А летам дык жыць не даюць камары; Хоць бы клапаць зямлі – толькі пушча сама, Ды балоты, ды ройсты, мшары... А пошасьць як пойдзе на люд, Дык мруць, як атруты ўзялі! Умёр бы то, мусіць, я тут, Каб ня жменька той роднай зямлі. Як пачне разьбіраць і мяне, Дык шчыпту яе у вадзе Глытанеш, дык пот аж ліне I хваробу рукой разьвядзе! А другім што даваў, дык і не! Не памог і ня шкодзіў нікому, Бо зямля не па іх, а па мне. Значы, трэба зямлі мець аж з дому. Яна давяла і да дому мяне, Бо і ей на чужой старане Так ня хочацца быць, як і нам, Дык таскуе, як мы, яна там!
|
|