РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Тодар Кляшторны
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Па сьлядох мінулага
Бяскрайнія, бяздонныя
Парывы творчых сіл,
Шырэй за далі сонныя
Глыбей за небасінь.
Пад сьлякацьцю,
Пад сьцюжамі,
У разьюшаныя дні,
Мы слоту дзён адужалі,
Бяду перамаглі.
Хмялелі штодзень дзеямі,
Запалам барацьбы,
Бяз роспачы, з надзеямі
I паміралі мы...
Хмялелі нашы ворагі
Крывёю і віном,
Было ім толькі дорага
Аджытае «даўно».
Пад рогат гільяцінавы
Сьвістаў і плакаў меч.
Найлепшымі карцінамі
Тапілі колісь печ.
Найлепшымі паэмамі
Ніхто не даражыў.
Гулялі ў жмуркі зь дзеямі
Вясёлыя нажы.
Ды гойсалі,
Ды гойсалі
Па сьвеце сьмерць і золь.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Чамусьці сёньня ўспомніўся
Далёкі дальні боль...
Чаму?
...А ўсё так хораша,
Навокал многа дзіў.
Ах, так,
Я ў тэй мясцовасьці,
Дзе колісьці хадзіў
З надзейнай карабінкаю,
Вось мой стары акоп.
Я чую, кулі дзінкаюць
Вакол, вакол, вакол...
А даль
Квітнее крозамі,
Так многа розных дзіў...
За рэчкаю Бярозаю
Я многа пахадзіў.
Пад воплескі асеньнія
Вось там,
У тыя дні
Мяне па тэй аселіцы
Расстрэліваць вялі.
Вялі п’яныя ворагі...
Вакол вароньні баль...
Каму ж
Жыцьцё ня дорага?
Кляшторны,
Стаў на банк!
Бяжы!
А лес рубінавы
Табе падасьць руку
Пад рогат гільяцінавы,
Пад сьвісты дзікіх куль.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
I так,
Паміж акопамі
Паміж жытоў,
Паміж...
Магіла недакопана
I недакончан крыж.
А рэчка
Так жа пеніцца
Крыштальнаю вадой.
Тут цуда сёньня дзеіцца
У краіне маладой.
Тут не гуляе коньніца,
Ня блудзіпь цемрашал.
А выйшлі на спаборніцтва:
Машына і... душа,
Трашчаць дубы, авітыя
Стагодняй казкай хваль,
На лесапільні пільна тут
Падвозяць матэр’ял.
Бяскрайнія, бяздонныя
Парывы творчых сіл.
Шырэй за далі сонныя,
Глыбей за небасінь.
Сталёвай
Звонкай коньніцы
Скарыся ўвесь абшар...
Ня дарма на спаборніцтвы
Паклікала душа.
Ня дарма
Між завеямі,
Пад сьцягам барацьбы
Бяз роспачы,
З надзеямі
I паміралі мы.
Мы творцы, людзі, гэніі;
Нас творчы дух заве,
Мы творчымі імкненьнямі
Перабудуем сьвет.
Хай шмат,
Хай шмат загінула
На гэтым рубяжы...
Мы лепшымі карцінамі
Умеем даражыць!
 
Менск, 27 ліпеня 1929 г.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.