Слаўны хранікёр Чын-Чына-Па-Чытай, Што з прад тысячы гадоў апісываў Кітай, Сам бачыў і апісаў здарэньне, Што цяпер трудна даць веры, Але пісаў праўду, паводле сумленьня, Ды на ўсё гэта пакінуў паперы. I вось што ён піша: «У даўнія часы Панавалі над краем два сьвінапасы, I, падзяліўшы надвое ўсе ланы, Адзін пасьвіў сьвіньні, а другі бараны. І, як усюды на сьвеце вядзецца, Сварыліся часта пры кожнай прычыне: Той кажа, што баран бадзецца, А той, што бульбу чыста зрылі сьвіньні. Жылі яны гэтак гадоў многа, многа, Пакуль сьвінар здрадна не забіў другога. I, збрызганы кроўю забітага бязьвінна, Сагнаў у адно стада да бараноў сьвіньні. Не канец на гэтым: абодва народы Ніяк не зжыліся, не прыйшлі да згоды: Пад адным былі хоць самаўладным панам, Усё ж сьвіньня – сьвіньнёй, а баран – баранам. Сьвіньня лычам рые і уся у кале, А баран рагаты лоб трасе зухвале I не прынімае сьвінара за пана, А сьвіней мінае, як таго шатана. Сьвінар зазлаваўся і паслаў падпаскаў, Каб кожны біў авечак, колькі будзе ласкаў, Аж пакуль авечка станецца сьвінёю, Ляжаць будзе ў балоце і рыцца ў гною. Сам сьвінар, зайшоўшы на выган забраны, Убачыў, што сьвіней мала, а ўсё бараны... Аж здрыгануў са злосьці і са страху разам I сьвіней пацешыў вось такім указам: «Перавярнуць увесь народ: бараноў у сьвіньні, А хто не паддаецца, няхай марна згіне». I казаў сьвіням наймудрэйшым Сабраць паперы самы найдаўнейшы, На каторых бы прадзед падпісаўся, Што сьвет калісь быў сьвінскі – ад сьвіньні пачаўся: I авечкі былі сьвіньні, як і усе сьвіне, Авечкамі сталі праз тое ядыне, Што пастыр быў лагодны, жылі ў раскошы, Зарасла ім воўна, не зазналі вошы, Шарсьціна аблезла, а вырасьлі рожкі, I голас зьмяніўся і фігура трошкі... А мудрыя сьвіньні так пастанавілі: «Сьвет калісь толькі для сьвіней стварылі, А сьвінар ёсьць пан на сьвеце ядыны; Хто ж ня верыць ці ня рады, – няхай згіне». Затым выйшаў указ на бараноў новы: «Хто з рагамі убачыць барані галовы Ці пачуе голас бараняга народу I данясе падпаскам, – возьме нагароду, А рагаты галовы кат ім разразае, Хіба што баран сам тое прызнае, Што сьвінёй быў зроду і сьвінёй застане...» За гэтым указам даў другі на авечкі, Каб, хто воўну мае, ня сьмеў бы ніколі Піць ваду з крыніцы, ні з рэчкі I ня пасьвіўся ні ў лесе, ні ў полі, Хіба сьвіней дзесятак прысягне, Што такі-та, хоць ходзіць у аўчыне, Авец ненавідзіць, за сьвінямі цягне I ў душы сьвінёю і жыве, як сьвіне. Пасьля ўказ трэці: «Хто толькі адзавецца Голасам баранім, хоць і хто зь ягнятак, Падпаскі павінны гэтакай авечцы Рваць скуру на целе з галавы да пятак. А калі і потым сьвінёй не заквікне I яшчэ раз бэкне, то рваць таму цела, За трэцім – ламаць косьці, пакуль не прывыкне Рохкаць па-сьвінячы!» Так то было дзела, Судны дзень настаў авечай дружыне. Шыбяніцы гнуцца, поле чырванее Ад крыві бязьвінны, – тысячы іх гіне З голаду, з прагненьня, а другіх зладзеі Разганялі ў пушчы для вечнай заглады. А што засталіся без усякай рады: Пазьбіваны рогі, абголена воўна; Бродзяць, як дурныя, па роднаму полю, Дзе няма травінкі, бо ўсё сьвіней поўна; Яны толькі стогнуць з голаду і з болю У зямліцы роднай, з гноем перарытай». Вось гэтак-то піша Чын-Чына-Па-Чытай.
|
|