РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Франьцішак Багушэвіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвіньні і бараны
Слаўны хранікёр Чын-Чына-Па-Чытай,
Што з прад тысячы гадоў апісываў Кітай,
Сам бачыў і апісаў здарэньне,
Што цяпер трудна даць веры,
Але пісаў праўду, паводле сумленьня,
Ды на ўсё гэта пакінуў паперы.
I вось што ён піша:
                                          «У даўнія часы
Панавалі над краем два сьвінапасы,
I, падзяліўшы надвое ўсе ланы,
Адзін пасьвіў сьвіньні, а другі бараны.
І, як усюды на сьвеце вядзецца,
Сварыліся часта пры кожнай прычыне:
Той кажа, што баран бадзецца,
А той, што бульбу чыста зрылі сьвіньні.
Жылі яны гэтак гадоў многа, многа,
Пакуль сьвінар здрадна не забіў другога.
I, збрызганы кроўю забітага бязьвінна,
Сагнаў у адно стада да бараноў сьвіньні.
Не канец на гэтым:
                                            абодва народы
Ніяк не зжыліся, не прыйшлі да згоды:
Пад адным былі хоць самаўладным панам,
Усё ж сьвіньня – сьвіньнёй, а баран – баранам.
Сьвіньня лычам рые і уся у кале,
А баран рагаты лоб трасе зухвале
I не прынімае сьвінара за пана,
А сьвіней мінае, як таго шатана.
Сьвінар зазлаваўся і паслаў падпаскаў,
Каб кожны біў авечак, колькі будзе ласкаў,
Аж пакуль авечка станецца сьвінёю,
Ляжаць будзе ў балоце і рыцца ў гною.
Сам сьвінар, зайшоўшы на выган забраны,
Убачыў, што сьвіней мала, а ўсё бараны...
Аж здрыгануў са злосьці і са страху разам
I сьвіней пацешыў вось такім указам:
«Перавярнуць увесь народ: бараноў у сьвіньні,
А хто не паддаецца, няхай марна згіне».
I казаў сьвіням наймудрэйшым
Сабраць паперы самы найдаўнейшы,
На каторых бы прадзед падпісаўся,
Што сьвет калісь быў сьвінскі – ад сьвіньні пачаўся:
I авечкі былі сьвіньні, як і усе сьвіне,
Авечкамі сталі праз тое ядыне,
Што пастыр быў лагодны, жылі ў раскошы,
Зарасла ім воўна, не зазналі вошы,
Шарсьціна аблезла, а вырасьлі рожкі,
I голас зьмяніўся і фігура трошкі...
А мудрыя сьвіньні так пастанавілі:
«Сьвет калісь толькі для сьвіней стварылі,
А сьвінар ёсьць пан на сьвеце ядыны;
Хто ж ня верыць ці ня рады, – няхай згіне».
Затым выйшаў указ на бараноў новы:
«Хто з рагамі убачыць барані галовы
Ці пачуе голас бараняга народу
I данясе падпаскам, – возьме нагароду,
А рагаты галовы кат ім разразае,
Хіба што баран сам тое прызнае,
Што сьвінёй быў зроду і сьвінёй застане...»
За гэтым указам даў другі на авечкі,
Каб, хто воўну мае, ня сьмеў бы ніколі
Піць ваду з крыніцы, ні з рэчкі
I ня пасьвіўся ні ў лесе, ні ў полі,
Хіба сьвіней дзесятак прысягне,
Што такі-та, хоць ходзіць у аўчыне,
Авец ненавідзіць, за сьвінямі цягне
I ў душы сьвінёю і жыве, як сьвіне.
Пасьля ўказ трэці: «Хто толькі адзавецца
Голасам баранім, хоць і хто зь ягнятак,
Падпаскі павінны гэтакай авечцы
Рваць скуру на целе з галавы да пятак.
А калі і потым сьвінёй не заквікне
I яшчэ раз бэкне, то рваць таму цела,
За трэцім – ламаць косьці, пакуль не прывыкне
Рохкаць па-сьвінячы!»
                                                  Так то было дзела,
Судны дзень настаў авечай дружыне.
Шыбяніцы гнуцца, поле чырванее
Ад крыві бязьвінны, – тысячы іх гіне
З голаду, з прагненьня, а другіх зладзеі
Разганялі ў пушчы для вечнай заглады.
А што засталіся без усякай рады:
Пазьбіваны рогі, абголена воўна;
Бродзяць, як дурныя, па роднаму полю,
Дзе няма травінкі, бо ўсё сьвіней поўна;
Яны толькі стогнуць з голаду і з болю
У зямліцы роднай, з гноем перарытай».
        Вось гэтак-то піша
        Чын-Чына-Па-Чытай.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.