Спыню свой крок адчайны і таропкі, Убачу ў непрытульнай цемнаце: На дне пасьляваеннага акопа Шыпшына адзінокая цьвіце. Паміж быльля і крапівы цярпліва, Стаіўшы свой загадкавы сакрэт, Глядзяць, як сарамяжлівае дзіва, Пунсовыя агеньчыкі на сьвет. Сама сабе адкрыю раптам вочы: Ці не затым і я сюды прыйшла, Што не хапіла для мяне аднойчы Вось гэтага, акопнага, сьвятла?! Прыпомніцца, калючая, з частушкі... Шыпы зьнянацку пальцы апякуць... А ў вышыні пяюць і плачуць птушкі, У адначасьсе плачуць і пяюць. I, з гэтай песьняй зьліўшыся вышыннай, Ва ўсёй сваёй яскравай прастаце Жыцьцё маё, як дзікая шыпшына, Хоць колецца, а ўсё-такі – цьвіце.
|
|