РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
За дзень пехаты прытаміліся ногі,
Вячэрняе сонца над тынам старым...
Ўсьміхаецца дзед, што, на шчасьце, дарогі
Ня ўсе валакуцца ў зманашаны Рым.
 
I я усьміхаюся ціха, міжволі
(Вядома, вядома ж, сівенькі, ня ўсе!):
Мая ж прывяла мяне ў роднае поле,
На луг, што купаецца ў раньняй расе.
 
На міг ад вачэй адвяду я далоні
I ўбачу, што ў гэтых раскошных лугох
Пасуцца яшчэ не апошнія коні
I складзены песьні чыесь у стагох.
 
На міг я адкрыю сабе, што замала
Пражыта ў самотна-зялёным кутку,
Што часта губляла, калі вандравала
Бяз мэты,
                    вось гэты лясок і раку.
 
Я думала, лёсам мне дадзена многа,
I многае, праўда, мне лёс падарыў:
Вось гэтую вечную ў вёску дарогу
I тую бярозку як памяць між ніў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.