РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мама
Не, усё-ткі ня я: мама мая – паэтэса
Са шчымлівай грудною песьняй,
З клопатамі пякучымі
Пра поле, балацявіну;
Пра тое, як спорна вучыцца
Ў горадзе
                      меншаму сыну;
Пра старое гняздо бусьлішына,
Што разбурыў вятрыска...
Бачу: паўстала сьцішана
Па-над айчынным прысакам
Зь пяцімесячным на руках
У скаромнай чорнай спадніцы.
Маму палохае страх –
Як жыць адной маладзіцы.
Мільгае за поўнач акно яе –
Удовай ня сьпіцца:
Машынка стукоча. I мама пяе,
Абшывае сваю Велясьніцу:
Каму – за пакосы, каму – за каня,
Каму – за шчырае дзякуй.
Сустракае яна прасьветленасьць дня
Усьмешкай – адвыклася плакаць.
Позна класьціся. Рана ўставаць.
Рана ўставаць – не бяліцца:
Па-над загонамі шчыраваць,
Па-над калыскай маліцца.
У чарадзе праліўных нядзель –
Не прапусьціць грыбочка...
Кароткі, як шчасьце, уходжаны дзень,
Яшчэ карацейшая – ночка.
Дыхае вольнымі мама грудзьмі,
Калі вяртаемся з поля.
Ўшчувае: «Драціну з дарогі здымі –
Іншаму ног не паколе».
Кажа: «Ападзіны дол замялі.
Выткаўся жнівень раскошны.
Здымі сандалікі, ня бойся зямлі,
Ня бойся, дзіцятка, пожні...»
 
Прыеду. Кветка чаканьня ў акне
Міргае-цьвіце ў адзіноце.
А вершы баюся чытаць,
                                                      каб мяне
На глухой не злавіла ноце
Мама – мая паэтэса.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.