РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Ах, на шчасьце, яшчэ ды ня ўсохла балота,
А за ім векавее зажураны гай.
Покуль дождж не пайшоў, не апала лістота,
Запрашаю цябе ў журавінавы рай.
 
Не адна пратаптана ў балоце сьцяжынка,
Ды ізноў зарастае травою наскрозь.
Журавелю ты мой, я твая журавінка,
Што ня вяне пад сьнегам і ў грозны мароз.
 
Але ты – гарадамі! I як за гарамі –
Немагчыма дазвацца, даклікацца мне.
Застаюся адна зь векавымі дарамі
У сівой, у палескай сваёй старане.
 
Толькі далечы гэтай адкрытая насьцеж,
Зноў сьвятлее душа, як лістотай лясы.
...Журавінавым болем прабілася шчасьце,
I палае яно паміж позьняй расы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.