РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Надзея Дземідовіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Школа
Дзьверы ў школе шырока адчынілі,
Каб зайсьці мне праз шэсьцьдзесят год:
Бачу вучняў – лятуць успаміны:
Восьмай клясы апошні урок…
 
Вучні, устаўшы, мяне прывіталі,
Яснавокі галубкі, арлы,
Вось цікава, ці ўсе яны зналі
Беды нашай пакутнай зямлі?
 
Вочкі сьвецяць, бы ясныя зоркі,
А на тварах – пралескі вясны,
Хударлявы народ, але стойкі,
Вось такія калісь былі мы.
 
Я шчасьліва, што іх прывітала:
Сэрца пыхкае – радасьць жыве,
Сваіх жа сяброў я пазнала,
I настаўніца, як родная мне.
 
Я па клясе ціхенька ступаю,
Каб крый Бог, не парушыць спакой,
Што ў дзяцінстве было, успамінаю,
Бо я ў школу вярнулася ізноў.
 
Чутна, гісторыю выкладаюць:
Трыццатых і саракавых гадоў,
Ды ці праўду яны жыцьця знаюць?
Ці знаюць пакуты дзядоў?
 
Як вывозілі люд, як калелі?
Ды ці хто з іх вярнуўся дамоў?
Малагодкі па турмах сядзелі,
Што любілі яны народ свой.
 
Іх за ворагаў улады лічылі –
Лепшых вучняў, шчырэйшых людзей,
Што на мове сваёй гаварылі,
Не наводзячы цень на пляцень.
 
Як нявольнікі праўду шукалі,
Адракліся на іх працаваць,
Малагодак у той час выклікалі
Выйсьці з зоны і волі шукаць.
 
Адмаўляліся – волі ня трэба:
Дваццаць пяць. Яшчэ пяць адбываць.
Вы забралі ад нас сонца й неба,
У час сьмяротны прыйшлі ратаваць!
 
Мацярок і бацькоў на пакуты
Мы пакінем. Тут нашы браты:
Украінцы, палякі, беларусы.
Не прадажныя шкуры, як вы!
 
У адзіноце як мышы загінем.
Жар, па целе праходзіць мароз.
Мы як жабы памрэм у каляіне,
Нас растопча, размеле ваш воз!
 
I нам вашае волі ня трэба,
Трэба суд, каб праўдзіва судзіў,
І каб нашага наеўся хлеба,
Абліты людзкою крывёй "гражданін".
 
На асуджаных доўгімі мукамі,
Выклікалі начальства з Масквы.
Нашы косьці пад танкамі трушчылі,
Як расправу чынілі скаты.
 
За малітвы ў запрэткі кідалі,
Каб абглодвала косьці машка,
У час расправы на нас газ пускалі
У гэтым месцы зь людзьмі Я была.
 
Як кайданы на рукі адзявалі
I разхрыстаных у карцар вялі,
А там вопратку сілай зьдзіралі,
Каб скалелі мы там, ня жылі.
 
Як нямоглых сьляпцы дабівалі,
Трупы ў стэп джэзказганскі вязьлі,
А пасьля мы тайгу пілавалі,
I той нормы зрабіць не маглі.
 
А чаму я там страх не адчула?
Я ня з дрэва, з граніта была!
Я сябе за людзей не хавала.
Не сабе, ім жадала дабра.
 
Ды ці ўсё гэта сёньня раскажаш,
Ці павераць мне, што так было?
Але трэба пакінуць ім памяць,
Як савецкае сонца пякло.
 
9.II.2004.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.