РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Над перакатнай рэчкаю
Як глянь: бярозы сьвечкамі,
Нязманлівым сьвятлом –
Над перакатнай рэчкаю,
Над ціхім азяром.
Юнацтва бессардэчнае
Сплыло, нібы паром,
Над перакатнай рэчкаю,
Над грозным азяром.
Ды родны край баронячы,
Праз жыта, празь ільны –
Усё яшчэ, усё яшчэ! –
Ідзе салдат з вайны.
Ідзе ён цёмнай ночанькай,
Ідзе сьпякотным днём,
Бо ўсё яшчэ, бо ўсё яшчэ
Планета пад агнём.
Як завіруха белая,
Як белая сьцяна,
Нявеста пасівелая
Прымоўкла ля вакна.
Гудуць вясельлі новыя
Ў суседак на двары.
...Дзьве чаркі палыновыя
Зь мядовае пары.
Дзе, пад якою зоркаю
Варушыцца курган?
I шэпчуць вусны згорклыя;
«Іванечка, Іван!»
Юнацтва бессардэчнае
Ударыць, нібы гром,
За перакатнай рэчкаю,
За цёмным азяром.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.