Вось мой паром туманны, і узгорак, I нітачка сыпчастага дажджу. Пакуль яшчэ ня высьпела на сорак – Я ў маладых і молада хаджу. Я новы дзень люблю да кожнай рыскі, Хоць знаю працу катаржнай начы, Хоць порсткі графаман, што кот сібірскі, Мяне паляпаць можа па плячы; Хоць недарэка можа пасьмяяцца I можа падкузьміць мяне ліхвяр. А мне няма прад кім стаяць на пальцах, А мне заўжды любіць адкрыты твар. Пакуль яшчэ ня высьпела на сорак – Мне молада. Астатняе – затым. Вось мой прытул рабочы, як пагорак, Пад хмараю. I промнем залатым.
|
|