РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Праз гультайства...
Праз гультайства, празь нядбальства
      Шмат чаго гублялі мы:
Ад падданства, ад начальства,
      Як начныя ніклі цьмы.
 
Сабе самі ўгаварылі,
      Што ня ў моцы збыць бяды, –
Без падпалкі так варылі
      Сабе кашу ў ненаўды.
 
Лазма лезьлі самі ў нерат,
      Як бы гнаў хто у каршэль, –
Тыц ды мыц – ні ўзад ні ўперад,
      Зьбілі сьцежкі на кісель.
 
I ані, каб зварухнуцца,
      Азірнуцца навакол, –
Заляглі, бы ў ступе груца, –
      Той ня хоча, а той квол.
 
А ўжо час працерць, здаецца,
      Вочы хоць бы кулаком
I заняць у куце мейсца,
      А ня нейдзе за вуглом.
 
Не хадзіць жа век у прочкі
      Ад сябе, ня знаўшы дзе;
Быць затычкай пустой бочкі –
      Сорам вольнай грамадзе!
 
1926
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.