РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Яўгенія Янішчыц
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Загаворана пушча чаборам –
Колькі хочаш мядунак зьбірай!
I зялёным сьвятлом сьвятлафора
Галасуе спадвіжніцкі май.
Сьпеўна мне – між чабору і мяты,
I на гладкім асфальце,
                                                дзе крок
Вывучае мэлёдыю сьвята,
Як найпершае слова сынок.
Мне яшчэ гэтак многа і мала,
Што насіла з сабой і нашу,
I таго, што пасьпець запісала,
I таго, што яшчэ запішу!
Адчыняюцца поўдня вароты,
I зьліваецца зь ямбам харэй.
На пякучай мяжы адзіноты
Разумею мудрэй і вастрэй.
Лёс мой – лес мой у ціхай маркоце,
Разглядаючы шчасьця сьляды,
На кручастым стаіць павароце,
Зразумелы для кожнай бяды.
I за што б вы мяне ні судзілі –
Трудны шлях мой і боль незнарок
Прачынаецца там, дзе, надзіва,
З палатна не сышоў васілёк.
I душа – немаўля, непакора,
Уся зь вяртаньняў, надзей і прыкмет
На чырвоным сьвятле сьвятлафора
Задумёна ўзіраецца ў сьвет.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.