Прамінуў непаўторна час журботы ў палёх. Загудзелі маторы, ажно вецер прыглох. Конь наш, верны наш конік, сябра ў долі цяжкой. Пасьміхаецца комік над табою з сахой. Забываюць, саколік, пра аратага зь ніў, як да трактарнай долі ты нас хлебам карміў. Безь цябе як жылося б? Ты гаротна іржаў ды вазіў праз палоскі нашу радасьць і жаль. Да млына нетаропка, улегцы – рвеш, не ўцячы... Трапяталі жаробкі, на кірмаш бегучы. Да цябе прыпадалі ў сумны час дзецюкі, жонкі грывы спляталі і кармілі з рукі. Ды ня раз маладзіцу везучы сабе ў дом, падзяліўся вазьніца сваім шчасьцем з канём. Сьлёзаў, сьлёзаў прадоньне. Гнёт суровай пары. Ды былі ж у нас коні, як бываюць сябры.
|
|