Устаць і ўпасьці, ды ізноў на ногі, Каб чэснай працай зноў сьвіталі дні. А я ў сьляпых пыталася дарогі, А я ў глухіх маліла дабрыні. А я ў нямыя грукалася дзьверы, Дзе толькі ад варот і паварот... Я клоуну дзівілася на сцэне, Ня бачачы салёна-горкі пот. Ну што ж, ты вельмі ў час мне, Арлекіна (Даруй за перыфраз: Арле-кіно), Труха пустых блуканьняў і мякіна Па котлішчах разьвеяны даўно. Ужо ні гром, ні бура не лякае, Ня ўзяць мяне ў абдоймішчы тузе. Вось лапічак зямлі маёй, якая На песьні узышла, як на сьлязе.
|
|