РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адкажы!
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны! 
Адкажы – сам сабе адкажы: 
Чым зрабіўся табе непрыгодны 
Скарб бясцэнны тваёй жа душы?

Ад чаго так бяздумна, бязмоўна 
Ты яго выракаешся сам? 
І чаму табе так усё роўна, 
Што аборай становіцца храм?
 
Ці таму, што калісьці падступна 
Растапталі твой шчыры давер? 
Што на ніве, дзе сеяў ты рупна, 
Вытраўляліся ўсходы твае?
 
Што ў стагодзьдзях варожыя збродні 
Расьпіналі твой лёс на крыжы? 
Брат мой,
Братка мой,
Братачка родны, 
Адкажы – сам сабе адкажы!

Жыў ты ў горы, змагаўся ў няволі, 
I канаў, і сыходзіў крывёй, 
I жывым ты гарэў, а ніколі 
Не саромеўся мовы сваёй.

Схамяніся ж, ачніся, агледзься! 
Ды разваж, ды раздумай як сьлед: 
Што пакінеш ты з поля ў налецьце? 
З чым нашчадкі пакажуцца ў сьвет?

Ці паверыў, што род твой бясплодны, 
I свой лёс прамяняў на чужы?..
Брат мой!
Братка мой!
Братачка родны! 
Адкажы! Сам сабе адкажы!
 
1987, жнівень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.