РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Божа...
Божа, малітваў прачыстая мэта,
сьветлая песьняў натхнёных крыніца,
глянь, як у адкрытае сэрца паэта
б’е безупынна жыцьцё навальніцай.
 
Сьлёзаў чужых ужо поўныя жмені
кроў разьлілася струёй ля весьніц,
мушу для іх я ў бязьмерных цярпеньнях
выкупіць сілу натхненае песьні.
 
О, я слоў пэрлы дастану із тоняў,
сэрца іх звонкі шнурок пераніжа
толькі ня дай мне у крывавае «сёньня»
ўпасьці бясьсільна дарогай пад крыжам.
 
Крыж, мой адполькава цяжкі і мілы.
З гоняў дзірванных яго за субрацьцяў
буду ахвярна нясьці да магілы,
толькі не дай мне пад Ім заламацца.
 
Зь ніў я Яго падняла, без прымусу.
Нельга каханьне над сіламі мерыць.
Жоўці пякучай налі мне на вусны,
буду цярпець за Радзіму і верыць.
 
Буду аб долі адкупленай крозіць
сяньня цяжкой, непагнутай як камень,
буду ісьці па цярністай дарозе,
потам змываючы кроў і сьлязамі.
 
Сэрцам натхнёным, Табой абагрэтым
дай мне на’т з жоўці стварыць асалоду.
Дай адкупіць мне цярпеньнем паэта
волю і долю, і шчасьце народу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.