РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Я ня буду
Я ня буду пісаць аб каменьнях,
славіць песьняй красу пірамід,
калі сілай людзкога цярпеньня
ўздымаўся нячулы граніт.
 
Песьняры куюць гімны з жалеза,
славяць працу зьняволеных рук,
іх ня вабіць куст белага бэзу,
не чаруе зялёная рунь...
 
Знаю рогат шалёны турбінаў
зброю, гонар падзеяў людзкіх,
знаю моц дасягненьняў няўпынных,
усё ж пяяць я ня буду аб іх.
 
Пакуль лёну маленькае семя
на зямлі будзе небам сіпець,
пакуль зоры сьвяціцьмуць у цемень,
а сасонкі закоўвацца ў медзь.
 
Пакуль зморшчанай, цёплай рукою
маці будзе нам сэрцы бяліць,
пакуль рэкі вадою напояць
а зямля будзе хлебам карміць.
 
Быццам лільяў цудоўных бярэмя
дабра водгульлі ўсюды зьбяру,
буду віць зь іх начамі паэмы,
як сачыстая, нашая рунь.
 
Прыдзе дзень як крыло галубіцы,
сьвет на зьмену крывавых начэй,
прыйдуць брацьця напіцца з крыніцаў,
каб было ім на сьвеце ясьней.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.