РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзяды
Дождж падае вонку прыцішаным звонам,
дождж льецца, дождж плача на шыбах аконных,
балючы стон ветру даносіцца з даляў,
і зоркі на небе нам ноч не запаліць.
 
У сьвятынях сьціх гоман малітваў нядзельных,
на могілках сьвечкі даўно дагаралі.
А ў краі, гдзе думы маі безупынна,
чакаюць у хатах дзядоў на гасьціну.
 
Да нас не забудзьце, прыходзьце, дзяды;
хопіць малітваў у мяне і яды
зь сёлаў забытых, з лагчын і бароў,
і з наднямонскіх старых цьвінтароў
 
У дом мой плывеце на сьвятло агню,
вокны шырокія Вам адчыню;
гэдак прыходзьце як колісьць жылі,
весткі прыносьце із роднай зямлі.
 
Душу Вам вышлю насустрач сваю,
палкай малітваю Вас напаю,
сэрца маё каля Вашых магіл,
там, гдзе сумуе мой край дарагі.
 
У вечар таемны, у поўначы час
з Божае волі чакаю на Вас;
разам мы просьбаў гарачы наш жар
слаць будзем шчыра прад Божы аўтар.
 
Сумна і пуста ў вокнах маіх,
ніхто ня прыдзе сюды з жывых;
кругом пустыня, навокал цьма
над горнай прорвай стаю сама.
 
Будзем прасіць за тых, хто не забыў
ні роднай мовы, ні родных ніў.
Хто мёртвых уваскрошваў сьвятою рукой,
той нас не пакіне ў хвіліне цяжкой.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.