РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзьве маці
500
Брату Р.

 
Два праменьні былі юных гадоў,
дзьве матулі дало яму неба,
меў жыцьцё ад адной, ласку любую слоў,
ад другой кусок чорнага хлеба.
 
Ад адной мілы сьпеў, жар каханьня ў грудзёх,
дотык гладзячых рук па чупрыне,
ад другой пах вясны на бязбрэжных палёх,
пояс Нёмана, шаўковы і сіні...
 
Із аднэю ішоў бездарожжам жыцьця,
у далоні зьбіраючы сьлёзы.
Із другою валок закрываўлены сьцяг,
як Хрыстос калісьць крыж на дарозе.
 
Дарагую адну адарвалі ў начы,
зацягнулі ў сібірскія далі,
Бог малітваў ня ўчуў і ня даў памагчы
тым грудзём, што жыцьцё даравалі.
 
Зь белай сьмерцю яна ў іншы сьвет адышла,
анямела мучэньнем прадчасна,
з незаговяных ран адляцела душа,
як апошняя зорачка згасла.
 
Не падаў ёй вады, не пагладзіў рукі
у гарачцы цяжкой, на прашчаньне,
і ня ведаў, што труп адкапалі ваўкі
ізь зямлі ледзяной прад сьвітаньнем.
 
Дзьве матулі Ён меў, дзьве сардэчна кахаў,
кожна зь іх дзяцюка гадавала,
калі з болем адну ў жыцьці пахаваў,
дык другая яго пахавала.
 
Не глядзела яна, што на сьвеце ня жыў,
не кахаў, не сьмяяўся да зораў,
гдзесьць на грудзі вясной голаў ёй палажыў,
ясны сноп у крыві на разорах...
 
Прыгарнула яго, з ранаў выпіла кроў,
скрыла цела магутнае у нэтрах,
гдзе часамі зь сьлязьмі над насыпаны роў
нагінецца вербалка зь ветрам,
 
I замерла сама пад ударам чужым,
мест вянкоў апранулася кірам,
і чахае адна, сярод мук на крыжы,
тых дзяцей, што ўзьляцелі ў вырай.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.