РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Брату Р.
Гдзе Ты сьпіш, гдзе магіла твая,
той канец усіх надзеяў і мукаў,
гдзе крыжы панад Вамі стаяць
разьцягнуўшы бясьсільныя рукі?
 
У які дзень, пры дарогах якіх,
палажыў ты магутнае цела?
На далонях дзявочых, мяккіх
тваю голаў я бачыць хацела...
 
Хто закрыў Твае вочы як лён,
валасоў Тваіх споп залацісты.
Ці пачуў хто апошні твой стогн,
бачыў блеск пагасаючых іскраў?
 
Столькі згасла малітваў у палёх.
Столькі думаў вятры перабралі.
А Табе зь іх ніхто не памог,
ні вятры, ні малітвы, ні далі...
 
Шмат багацьцяў сьвет людзям дае.
Мне-ж, сумных маіх дзён асалоду,
сэрца братняе, сэрца Твае
даў, каб заўтра забраць назаўсёды.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.