РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Малы перапынак
Ачамі да воблакаў сініх прыпаўшы
п’ю кволасьць праменьняў у парыве вясьняным,
на’т заўтра здрадлівым ударам ня страшыць
і голкамі сэрца ўспаміны ня раняць.
 
Вось проста ў дарозе малы перапынак,
усё, што дадзела на бок адкладаю,
любуюся бельлю вішнёвых галінаў,
запененай руньню, чакаючай дальлю.
 
Гляджу, як гуляюць вятры на свабодзе,
як рэкі на хвалях калышуць праменьні,
як дзень замірае, як ноч надыходзе
з балотных лагчынаў трывожачым ценем.
 
Праз плечы ёй месяц на золаце зораў
бліскучы і ясны ляніва зьвісае.
Штурмуючы хмары адважным напорам,
з выцьцём і адчаем вятры прылятаюць.
 
Ўстаю, ужо мне нельга вакольле галубіць,
бяру сваё гора, дарога чакае...
Ноч доўга, трывожна ў рой месяца трубіць,
і зоры вятрамі ў засекі згаляе.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.