РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Да цябе
З Ўрал сонца ўпала, як зарыва,
залатымі промнямі аб лёд.
Я сягоньня ня сьветлае марыва,
не крылун з бесканечных высот.
 
Толькі гоняцца думы міражныя
безупынна ў тумане дарог.
Замянілі мне волю стражаю,
а лапатай – маё пяро.
 
Не пахучымі ў парку алеямі,
не празь цьветам асыпаны сад,
я іду да цябе завеямі,
на хаду зашпіліўшы бушлат.
 
Скрозь марозную сінь бесканечную
пад канвоем к табе брыду,
усё ж ня з сэрцам цярпеньнем скалечаным,
а зь мяцеліцай радасных дум.
 
Не глядзі мне ў вочы ўстрывожана,
сьледу мукаў у іх не шукай.
У душы маёй усё пераможана
і бязьлітасны боль, і адчай.
 
Не сьпяшу да цябе за помаччу,
калі іскры ў вачох блішчаць.
Я іду беласьнежнаю поўначчу
табе сьмелую руку падаць;
 
каб стаяць побач парой зайнелаю,
нэгай словаў твае дні сагрэць.
З табой зьмерыўшы думы сьмелыя,
уперагонкі да зор ляцець.
 
Над Уралам зноў сонца, як зарыва,
звоне лязам праменьняў аб лёд...
Створым дні яшчэ, быццам марыва,
зоры шчасьця сарвем з высот.
 
1953
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.