РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ці праўда?
Пад вясковы хвалюючы сьпеў,
пераходзячы роднай зямлёю,
ты дзяўчыны такой не сустрэў
зь непахіснай і гордай душою,
каб за чуб твой, як лён  залаты,
за шырокія мужныя плечы
больш кахала сьвятыя куты
свайго краю ў цярпеньні адвечным.
А калі музыкант заіграў
на гармонік на ўсе пераборы,
ты за руку на танец ня браў
такой сьмелай, такой непакорнай.
І за тварык, за сьціпласьць, за сьпеў,
за глыбокія сумныя вочы
ты яе цалаваць не пасьпеў
нашай летняй пахучай ноччу.
 
          Толькі жаль, ноч кароткай была
            і прайшла маладосьць мімаходам,
            разглядзецца як сьлед не дала
            і ўпіцца яе асалодай.
 
Калі ж лёсам змаганьня гарэў,
жыцьцё сёлам аддаўшы навекі,
на шляху ты такой не сустрэў
у хвіліны цяжкой небясьпекі,
каб стаяла плячом ля пляча,
сьмерці гледзячы ў твар, не дрыжала,
каб магла з табой буру ўстрачаць
і змагацца табе памагала;
 
Каб дастойна за краты ішла
празь бяссонныя лютыя ночы
і цяжар ненавіснага зла
пранясла сваёй сілай жаночай.
Калі сам ты ад жудасьці млеў
у забоях, на лягерных трапах,
ты надзейнай такой не сустрэў
на далёкіх і трудных этапах;
 
Каб умела і душу глядзець
сінявою вачэй, як пралескі,
каб умела ў зажураны дзень
цераз дрот перакінуцца весткай.
Вось такой, каб ішла напралом,
несучы з сабой толькі ідэю
церазь цемру з паднятым чалом,
ясным зорам, хоць нат у завею.
Вось такой перасіліўшай гнеў,
каб заплакаць ня ўмела ад болю –
сапраўды ты такой не сустрэў
ні на волі, ні тут – у няволі.
 
1953
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.