РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Адзінока іду ў нязнанае...
Закружылі мяне вятры.
Белай хусткай, рукой адданаю,
ты мне іней з чала сатры.
 
А ня можаш, -- хоць словам ласкавым,
словам цёплым, як месяц май,
тут загублену ў сьнежных насыпах
у буру сівую падтрымай.
 
Табун думаў шалёнай коньніцай,
дум ня знаўшых яшчэ ярма –
за Пагоняй адзінай гоніцца
ў гэту поўнач, але дарма.
 
А хацелася б у сьцюжу белую,
так хацелася, быццам жыць,
глянуць рыцару ў вочы сьмелыя
і каня за ўзду схапіць.
 
І вярнуць яго ў край дарованы,
хай заслоніць яго шчытом,
скрышыць цяжкі ланцуг падковамі,
абароніць народ мячом.
 
Каб яшчэ размахнуцца крыльлямі
і “Лявоніхай” верш ускружыць,
я хачу ў тваю руку сільную
на хвіліну – сваю ўлажыць.
 
Шлях жыцьця майго не дакончаны,
не жанчына я, а паэт.
Хачу йсьці шляхамі творчымі
да нязьдзейсьненых сваіх мэт.
 
І таму паднявольнымі ранкамі
ты сваёю мяне ня кліч;
хоць заўсёды была крывічанкаю –
не няволь мяне, крывіч.
 
Я ня шчасьцем, а горам п'яная.
Не трымай толькі пот сатры.
Гэта, мілы, шляхамі ў нязнанае
закружылі мяне вятры.
 
1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.