РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Лёгкакрылы, задуманы вечар
па-над сьнежным Уралам павіс.
Безаглядна мне хтосьці скалечыў
душу сумную, бы кіпарыс.
 
Не пазнала надзей тваіх убогіх –
пішаш мне, -- ні змагарскіх трывог?..
Не, ні выйду к табе на дарогу
больш з сваіх адзінокіх дарог.
 
Можа ценем, як шчасьце зайздросным
за праменнага духу красу,
я зышла ў закутыя вёсны –
твае вёсны – праз гора і сум.
 
Але болей ня буду начамі
шукаць сэрца тваё на дратох.
Надарваўся ланцуг, што між намі
праз дрыгвістую тундру пралёг.
 
Ці мне жаль, ці ня жаль – бескарысна
будзіць голас, што з болю заціх.
Дзесь на Поўдні стаяць кіпарысы,
толькі сонца ... і сонца ля іх.
 
1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.