РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ларыса Геніюш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вецер думы навеяў аб полі,
аб галінах разгойданых дрэў...
Дзесь на вогнішчы мукаў супольных
асабісты мой боль дагарэў.
 
Не ад гора душа скамянела,
не ўдары сьляпыя змаглі.
Яна зь цесных дратоў паляцела
на прасторы радзімай зямлі.
 
Не пярэчу – баляць яшчэ раны,
але лечыць іх луг залаты,
лечаць песьняй старыя курганы,
лечаць казкай сьвятыя куты.
 
Іду сьцежкамі юнасьці зрэбнай,
праз свой двор, праз старое сяло...
Не працягвай руку, не патрэбна,
за дарогу ўжо ўсё зажыло.
 
Падыходжу да сьвежых магілаў, –
непаслушная ўпала сьляза.
Адпачыць бы пад грушай пахілай,
набалелае ўсё расказаць.
 
Не! ня варта зялёнай трывожыць,
аб нядолі сьцюдзёнай пяяць.
У гэты час яна бачыла, можа,
яшчэ болей, чым бачыла я.
 
Вецер шчыра мне сьціснуў далоні,
месяц лёг на ўспаміны няўзнак,
дзесьці ржаньнем азваліся коні,
запяяў адзінока юнак...
 
Я мінулых сьлядоў не шукаю
пад налётам цярпеньняў жыцьця,
тых балонак душой не кранаю,
дзе лягла ўжо пячаць небыцьця.
 
Мне здаецца, што я не прыстала,
што ішла лёгкім шэлестам траў,
што між тундры мароз небывалы
майго сэрца ў далоні ня браў.
 
І, здаецца, што я не цярпела,
што ад родных ірдзеючых ніў
мяне шлях бесканечнасьці белай
столькі радасных год не дзяліў.
 
Толькі пахла вакол канюшынай,
месяц праў косы дум, – як прадзе.
І мой боль дагарае лучынай,
бо зноў бачу, як родзіцца дзень.
 
1954
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.