РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Натальля Арсеньнева
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зь Гётэ
Лясун
Хто скача ўначы праз пасмы ймглы?
Імчыцца бацька, зь ім сын малы.
Малога моцна стары дзяржыць,
Дзіця палае, дзіця дрыжыць.
 
– Сынок, чаго-ж ты галоўку схіліў?
– Глянь, тата, вунь – лясун у гальлі
Ў вянку зь ігліцаў і з барадой...
– То ймгла бруіцца над вадой.
 
– Хадзі, дзіця, ідзі за мной,
Так слаўна ў лесе гуляць вясной.
Ірдзяцца краскі жывыя агнём,
Жар ягад сьпелых мігціць між пнёў...
 
– Ой, тата, тата, ці чуў, што ён
Цяпер шапоча мне з-за сасон?
– Ну, ціха, ціха, сынок, – шасьціць
Павевам ветру ў сухім трысьці...
 
– Ці хочаш, любы, быць у мяне?
Мае дочкі чакаюць цябе ў лагчыне,
Мае дочкі там ночны вядуць карагод,
Яны закалышуць малога майго...
 
– Ой, татачка, тата, ці бачыш і ты
Дачок лясуновых у сьцені густым?
– Ня бойся, сынок мой, кажу табе я –
То-ж шэрыя вербы над плёсам стаяць.
 
– Кахаю цябе, да спадобы ты мне,
І будзеш маім ты, ці хочаш, ці не!
– Ой, тата, ён хоча здагнаць нас, злавіць,
Ён сьціснуў за шыю! Ой, тата, баліць!
 
Ўстрывожаны бацька імчыць, як віхор,
Калышацца, стогне ўзварушаны бор...
Вось хата... Ўжо блізка... Ужо даскакаў...
Хлапец у вабоймах ягоных сканаў...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.