 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Дзіўна любіць жыцьцё нам сьмяяцца ў твар, Ашукаўшы йшчэ раз... мо’ ў дзесяты, мо’ ў соты? Аж запраўды паверыш, што зла не сарваць, Аж сьцюдзёным, сьцюдзёным укрыешся потам. Не ўцячы ад яго... Уцякай – не ўцякай, А жылястай рукой за крысо цябе схопіць, Зноў прымусіць і сэрца й душу паласкаць Успамінам магілаў, ахвяр, далакопаў.... Дзе ні пойдзеш, – адно палымнее ў душы І захлёствае пенай салонаю вочы: Нашы вёскі, а ў іх – маладыя крыжы, Шчэ ня ўкрытыя сеткай крывых чырвааточын. Гэтак горка, што й вецер, здаецца імкне Сяньня ў далеч ня бельлю, а чорнаю сажай... Ці хто ў гэткія дні аб зары, аб вясьне Салаўямі сьпяваць – захлынацца наважыць? Ды няўжо-ж замаўчаць, ды няўжо-ж дагарэць Над народнай бядой дробнай вязкаю словаў? Не! Паэты – няхай абнаглелая сьмерць Ім у вочы плюе – не апусьцяць галоваў! Што ім сьмерць! Хай прысыпле ім бровы зямля, Хай ім рукі скуе крапіва і маліньнік, – Усё-ж ткі будуць іх вершы як некалі зьзяць Залатою смалою на пальцах хваінаў, Будуць тут, на радзіме, у сівых ячмянёх Перапёлкамі ціха зьвінець на сьвітаньні, Сінявокім у вочы глядзець дзіцянём І няпраўду вагністымі словамі ганіць! Дык хоць сяньня й здаецца – завея імкне У сьвет ня бельлю сузор’яў, а чорнаю сажай, – Ля крыжоў не адзін з песьняроў аб вясьне Салаўём у лазе захлынацца наважыць!
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|