ДОМА – Ну, Алесь, брат, – за абедам Кажа бацька сыну, – Годзе бегаць дармаедам, Красьці садавіну, Таптаць сьцежкі ў агароды, Рэзацца па хаце. Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы, – Колькі яму, маці? Роднай матцы сэрца ў грудзях Зьлёгку затраслося. «Ці не хоча аддаць ў людзі?» – Ў думках праняслося. Сам Алесь сямігадовы, Як ліст, скалануўся, Бо ў тэй бацькавай прамове Страх яму пачуўся. Апусьціў ён нізка вочкі, Глыбей ў кут падаўся. – Ну, што сьціхнуў, як упрочкі Ты ад нас сабраўся? – Дай хоць з’есьці, адчапіся! Вось прыстаў к дзідяці! Еж, Алеська, не журыся! – Не ўцярпела маці. – Пойме гутарку якую, Чуць за хлеб узяўся. – Няхай есьць, ці ж я шкадую? – Бацька адазваўся. – Еж, Алесь, чаго надзьмуўся Ты, як мыш на крупы? Ці ад ночы не ачнуўся? Расплюшч свае лупы! Глянь у вочы мне! Сьмялее! Во, так! Малайчына! Еж, бо крупнік адубее, – Кажа ён да сына. Паабедалі зь бядою, Спаражнілі місы. Абцёр бацька вус рукою, Твар і лоб свой лысы. – Ну, дык вось што – чуеш, хлопча? – Годзе так бадзяцца, – Няхай качка цябе стопча, – Трэба чым заняцца. Згодзен пасьвіць ты ўсё лета Ў Курганах каровы? Шэсьць рублёў даюць за гэта Ды халацік новы. – Ой, няхай бы пабыў дома! – Зноў гаворыць матка. – Ну, куды ён, мал, вядома, Рана пасьвіць статка, Толькі высахне у лыка, Нябось, пасьвіць – мука! – Ат! патрапіць – невяліка Гэтая навука! Будзеш пасьвіць? – тут у сына Бацька запытаўся. – Ото дзіва! Малайчына! Я не ашукаўся. Ты ў мяне хлапец рахманы, Вось люблю за гэта! Працаваць вучыся зрана, Ў маладыя леты.
ПЕРАД ВЫПРАЎКАЙ У Алеся думак многа, Ды ўсе думкі новы. Твар сур’ёзны, бы ў старога, Нахмураны бровы. Кінуў ён гульню зь сябрамі – Трэба дбаць на хату, Памагаць ён будзе маме, Бацьку, сёстрам, брату. Цяпер бацька адзін б’ецца З ранку аж да ночы, Так працуе, што пот льецца, Лезуць на лоб вочы. Гэтаксама адна маці – Праўда, дасьціпная, – Адна ў полі, адна ў хаце, Корміць, абмывае. Мала зь дзевак дапамогі – Драбяза ўсё, дзеці! Сам ён толькі, дзякуй Богу, Жыць здужае ў сьвеце. Без падмогі, сам сабою: Ён – дзяцюк, хлапчына, Носіць ён вядро з вадою, Як стары мужчына! Потым думкі непрыметна Далей залятаюць – Чужаніцы непрыветна З Курганоў мігаюць. Матка страхаў наказала Пра жыцьцё з чужымі, Як Алеся навучала, Каб ужыцца зь імі. – Трэба змоўчаць, хоць часамі Скрыўдзяць або ўшчуюць, Хоць нядобрымі славамі Злосна пажартуюць. Будзь паслушны і цярплівы, Ня лазь у гароды, Не марнуй ты людзям нівы, Не рабі ім шкоды... Адным словам, страх нагнала На Алеся матка, I так міла яму стала Родная іх хатка! Ды нічога не парадзіш, Калі служба трэба, Калі беднасьць, як паглядзіш, Сама просіць хлеба. Дый Курганы не за морам – Восем вёрст ад дому, Над ракою, за тым борам, – Мейсцы ўсе знаёмы. Так хлапчынка разважае, З думкамі гамоніць, Дух надзеяю ўздымае I трывогу гоніць. У вузельчык вось увязан Скарб яго убогі, Станік тонкі падпяразан – Жджэ Алесь дарогі. Моцна ж сэрца забалела, Як ён выйшаў з хаты, Але плакаць не пасьмела, Бо йшоў збоку тата.
У ЧУЖЫХ – Добры дзень вам, ягамосьці! – Добры дзень!.. Сядайце. – Ну, вось я прывёў і госьця, Мал ён, выбачайце. – Э, нічога, акрыяе, Дый ён хлопец слушны. Гадкоў з восем, мусіць, мае? – Сем у дзень задушны. У куточку прыхіліўся Ціха каля лавы I на ўсё Алесь дзівіўся, Пазіраў, цікавы. Глянуў ён у кут украдкам На таго сьвятога, Што напісан быў зь ягняткам I глядзеў так строга. Ён зірнуў на Мікалая I на Юр’я зь зьмеем, На сьвятых, што і ня знае I назваць ня ўмее. За сталом былі мужчыны I стары між імі, У каторага маршчыны Зьлеглі пад вачыма. Лоб высокі, безвалосы, Голы, як калена, Вусы быццам бы йшлі з носа, Белыя, як пена. Пазіралі дзеці скрыва Зь печы і з прымурка На Алеся як на дзіва Ці якога турка. А тым часам стол убралі Пляшка і дзьве чаркі; Ў печы весела пішчалі, Гаманілі скваркі. Селі піць барыш мужчыны. Дзед, падняўшы чарку, Кажа: «Дай Бог толк з хлапчыны Нам у гаспадарку!.. Ходзь, Алеська, сюды, брацік! Бліжай, бліжай, браце! Распраніся, скінь халацік, Будзь як свой у хаце». Падышла і гаспадыня, Жвавая кабетка: – Павесь шапачку, мой сыне! З’еж от скварку, дзетка! Будзеш дужшы, небажатка, Пасілкуйся крышку! – I падносіць хлапчанятку Гарэлкі ў кілішку. Круціць хлопчык галавою – Піць, моў, не бярэцца; Скварку, згробшы пяцярнёю, Есьць, аж нос той гнецца... – Ну, сынок, служы здаровы, Даглядай скацінку. Будзеш дома на Пакровы... Не нудзіся ж, сынку. Разьвітаўся бацька зь імі I пайшоў дадому. Ой, маркотна між чужымі Хлопчыку малому!
НЯ ВЫТРЫМАЎ Моцна хлопец занудзіўся Па сям’і, па маме, Як бы сьвет тут зачыніўся Ў гэтай нуднай яме. Ўсё тут дзіка, нецікава, Бы ў яловым лесе, Кожны вугал неласкава Глянуў на Алеся. Ўсё ня гэтак, як там, дома: Лавы, печ старая, Кожна рэч тут незнаёма I яму чужая. Ўсё – качэргі і ваконцы На нуду наводзяць, I тут нават ня так сонца, Як там, дома, ўсходзіць. Ды і людзі не такія, Іншая гаворка, I алешнікі ня тыя, Ня той луг, узгоркі. Выйшаў з хаты, прытуліўся Пад грушаю ў полі I так моцна засмуціўся, Бы ў якой няволі. На дарогу пазірае, Што вядзе дахаты, Што, як стужка, агібае Цёмны лес кашлаты. I так мілы хлопцу сталі Родныя палеткі, Лес, што нікнуў ў сіняй далі, Ўзгоркі, межы, кветкі, Хаты, гумны, варывенькі, Цэрква на грудочку... Эх, як міла, весяленька У сваім куточку! А тут хата, як адрына, Як хлеў, – сьвету мала. I надумаўся хлапчына Даць адгэтуль драла. Многа думаў так і гэтак – Не бярэ нічога! А з палетка на палетак Скача, йдзе дарога... Ён назаўтра ўстаў ранютка, Аж да ўсходу сонца, Чуць што глянуў дзень ціхутка Ў хату праз аконца. Наш Алесь перахрысьціўся, Глянуў на палаці, А там дзед той разваліўся, Але ціха ў хаце. Згроб свой клуначак пад паху – Загадзя сабраўся, – Асьцярожна, поўны страху, Да дзьвярэй падкраўся I ціхутка – стук у дзьверы, Шугануў у сені! Сэрца білася бязь меры, Трэсьліся калені. Ён кулём, як ліс у норы, За хлявы, ў задворкі... Заплыў месячык за горы, Чуць мігалі зоркі. Вось Алесь прычхаў дадому, Стаў на прыгуменьні. Страшна ў хату йсьці малому – Гора-утрапеньне! Што рабіць тут, не згадае. Мо назад вярнуцца? Плача хлопчык, аж рыдае, Сьлёзы так і льюцца. Выйшла матка, плач пачула, Бачыць – іх служака! Матку жаласьць агарнула – Шкода небараку! – Што ж ты плачаш? Ідзі ў хату... Ня плач, супакойся. – Ой, баюся, мама, таты! – Ня з’есьць ён, ня бойся! Бацька ўстаў і абуваўся, Зірк – Алесь у хаце! Бацька толькі засьмяяўся: – Ты ўжо дома, браце? Той калоціцца ўсім целам, Як бы грэшнік страшны, Думаў ён, што ў сьвеце цэлым Ён – самы няшчасны. Апусьціў сваю галоўку, Клуначак трымае, Кулачком уціхамоўку Сьлёзкі выцірае. – Ну, што гэта за работа? Адурэў ты, Грышка! Ён – зусім дзіця, блазнота, Зелен, як пурышка... Дзе служыць яму, дзіцяці? Ну, куды ж? Націна! – Стала бацьку чысьціць маці I крычаць за сына. – Мне б тут трэба раскрычацца, Розум твой жаночы! Брыдка будзе паказацца Тым людзям у вочы!.. Ах, лайдак, пястун пракляты! Лезь на ручкі к маме! – Плюнуў бацька, выйшаў з хаты, Стукнуўшы дзьвярамі.
|
|