РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ала Петрушкевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мужчына з кветкамі
1
 
Болей за ўсё мне падабаюцца мужчыны
не прыгожыя,
не высокія,
не дужыя
і нават не добрыя,
а - з кветкамі.
 
Ён ужо прыгожы:
закаханыя не бываюць непрыгожымі.
Ён ужо высокі:
каханне высока ўздымае яго.
Ён ужо дужы:
здольны пераадолець усё.
Ён ужо добры:
вас пакрыўдзіў калі - небудзь
мужчына з кветкамі?
 
І няхай нават ён
ніколі не заўважае мяне, жанчыну,
я прабачаю, я разумею:
я - не ягоная жанчына,
і кветкі ягоныя - не для мяне.
Але я шчаслівая шчасцем ягонай каханай,
бо маю надзею:
і да мяне прыйдзе аднойчы
мой адзіны мужчына
з кветкамі...
 

 
          2
Некалі марыла,
што ў мой дом
прыйдзе мужчына з кветкамі...
Прыйдзе адзіны каханы мужчына
з чыстаю белаю ружаю,
ці з не зусім белаю,
як першы снег,
а з лёгкай жаўцізной расстання.
 
Але ён, мой адзіны каханы,
не ведаў,
што жанчыне неабходны кветкі,
як паветра, як сон,
ня ведаў,
што кветкавую пяшчоту
належыць аддаваць адной - адзінай
жанчыне.
 
Затое ён добра ведаў,
колькі каштуюць кветкі,
і не ведаў,
колькі каштуе шчасце.
Ён быў бедным
і бедным застаўся.
Я ж маю тое, пра што марыла:
у маім пакоі ў крышталёвай вазе
стаіць цудоўная белая ружа
з пяшчотнай жаўцізной расстання.
Яе прынёс для мяне мужчына,
які прайшоў праз здраду
і застаўся верным.
 
Ён варты таго,
каб я прыняла ягоную белую ружу.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.