Каб сэрцы вікінгаў мы мелі
|
Сягоньня мора колеру, якога бывае лёд зялёны недзе ля Грамніц. Урэзаўся ў яго, шукаючы дарогі, наш параплаў, а ён – зьвініць, зьвініць, зьвініць... Аб чым? Што весьціць нам ягоны звон зялёны? Чаго мы слухаем яго, куды плывем? Што загубілі мы й чаго шукаем сёньня, за сонцам імкнучы? Нязнаны, новы сьвет? Калісь, напяўшы цягліцы і кужаль галодных ветразяў, імкнулі, як і мы, удалеч вікінгі... А зь імі ймкнулі мужнасьць, і прага тайніцаў, і зьменнай славы дым. Каб сэрцы вікінгаў і ў нас званамі білі, мы б завярнулі ветразі тут, зараз, на усход. Туды, дзе у крыві, у роспачы зацьвілай і сьлёзы і душу ўжо выплакаў народ. Ды мы ня вікінгі... О, Новы Край, як гулі спыніўшы, хваля нас да порта прыжане, будзь нам прытулкам цёплым і утульным, але ня Бацькаўшчынай, не!
1950–1952
|
|