РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нёман
Льецца Нёман паміж гораў,
Поўны сілы і красы,
У далёкія прасторы
Гоніць воду празь лясы.
 
Гой ты, Нёман, наша рэка!
Поіш ты і корміш нас,
Бедну чайку чалавека
Ты з сабой насіў ня раз.
 
А вясною на прасторы
Дуб стары сярдзіта гнаў
I насіў ты крыгаў горы,
Луг і поле затапляў;
 
Разьліваўся па ракітах
I займаў і лес, і гай...
Даўгавязы плыт за плытам
У далёкі нёс ты край.
 
Колькі раз рыбацкі човен
На грудзёх тваіх гуляў!..
Гой ты, Нёман, быстры Нёман,
Колькі дум ты мне нагнаў!
 
Чуў ты смутак горкай долі
Свайго сына-мужыка,
Чуў ня раз у чыстым полі
Плач і сьлёзы бедака.
 
Ў ціхі вечар над табою
Дудка плакала ня раз,
I кацілася сьлязою
Песьня ў раньні летні час.
 
А на беразе пад дубам,
Ў ночку цёмную, рыбак
Сьпаў ня раз пад мокрым лубам,
Гнуўся з холаду, бядак.
 
А у буру вецер кветку
Да грудзей тваіх схіляў
I ў табе касец улетку
Пот крывавы абмываў.
 
Над табою месяц круглы
Ў ясным небе ціха плыў,
I з табой высокі, смуглы
Лес ціхутка гаварыў.
 
Перарэзаў край ты родны
Беларуса-мужыка...
О, наш чысты, наш свабодны
Нёман, быстрая рака!
 
Ты цячэш далёка, знаю,
Зь веку ў век і з году ў год.
Раскажы ж другому краю,
Як у нас жыве народ.
 
1906
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.