РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пад сьпеў ветру
Вее вецер, сьвішча ў коміне,
Горка плача, надрываецца;
I цяпер мне тая музыка,
Як жывая, ўспамінаецца.
 
Помню хатку я старэнькую,
Што між лесу загубілася,
Каля хаты вярба ніцая
Да страхі гальлём схілілася.
 
Ночка зімняя, халодная...
Вецер дзьме, не сунімаецца,
А над лесам гоман-шум густы
Гудам-гулам разьліваецца.
 
А у комін вецер песенькі
Напявае тонкім голасам
I па стрэсе сьнегам шорхае,
Нібы жыта сьпелым коласам,
 
То нясьмела ў дзьверы стукне ён,
Як бы ў хату, бедны, просіцца,
То пад воканьнем закруціцца
Ды так горка разгалосіцца!
 
I прыціхне на хвіліначку,
Сілы-моцы набіраецца.
Ные сэрца, ные-смуціцца,
На сьпеў ветру адзываецца.
 
Помню, помню сваю хатачку,
Маю родную, далёкую;
Як успомню – жаль агортвае
Маю душу адзінокую.
 
1908
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.