РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Араты
– Но, малы! Но, малы, каб табе брыдка! –
      Ў полі араты крычыць.
Сошка крывенькая дол рэжа плытка,
      Толькі пясочак шарсьціць.
 
Глуха каменьчыкі б’юць аб нарогі,
      Папараць, пырнік што крок.
Зь сіл выбіваецца конік убогі,
      Сыдзе наўмысьля набок, –
 
Крыкне араты і торкне ляйчынай:
      – Куды паўзеш ты? Назад!
Клыгае конічак зноў раўчавінай,
      Тчэ за сабою ён склад.
 
Сам жа араты саху падтрасае,
      Мерна йдучы за канём.
Босыя ногі, а шапка старая,
      Зрэбныя порткі на ём;
 
Грудзі расхлістаны, лушчыцца скура,
      Пот залівае ўвесь твар.
Неба ж ясьнюткае, хоць бы дзе хмура!
      Эх, і даймае іх жар!
 
Клыгае конік, а ззаду араты
      Ходзіць, сагнуты, як склюд...
Матка-зямелька! Эх, не, недарма ты
      Корміш убогі свой люд!
 
1909
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.