РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Раздум’е
Зірну я на неба. Па сіняй раўніне
      За хмаркаю хмарка плыве.
Тыя сальюцца, другая загіне
      I зьнікне ў пустой сіняве,
 
А тыя па небе, бясплодныя, ходзяць,
      Глухія на плач збажыны.
I мысьлі тож часта бязь сьледу праходзяць,
      Таксама зьнікаюць яны.
 
Зірну я на жыта, што ў полі красуе,
      I пыл жыватворчы над ім
Так ціха снуецца, калосьсе цалуе
      Любоўным дыханьнем сваім.
 
Ды ўздымецца вецер і злосна павее,
      Пагоніць той пыл на лясы.
І ў жыцьці часьцютка ня мала гібее
      Такой жыватворчай красы.
 
Сталетняе дрэва. Раскошна галіны
      У зелень убрала вясна,
І горда гамоняць яго верхавіны,
      І ў гомане радасьць чутна.
 
А восень надыдзе, і лісьце жалобна
      На дол амярцьвелы спадзе.
І моладасьць наша тым лісьцям падобна, –
      Як лісьце, яна адцьвіце.
 
Вось ціха сьняжынкі ў адлігу лятаюць,
      Нібы матылёчкі ў маі,
Падуць і растануць, навек прападаюць,
      Як роска вясною ў гаі.
 
I ты, чалавеча, як сьнег у адлігу:
      Упаў і сканаў, і няма.
З трывогай глядзіш ты ў адвечную кнігу,
      I душу агортвае цьма.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.