РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясновая ноч
На зямлю сырую
Ціха ночка пала.
Бляскам-дрыгаценьнем
Зорка замігала.
 
Адзінокі месяц
Выплывае з хмары,
На зямлю, на неба
Сходзяць яго чары.
 
Зь цёмнай высі-багны
Ўжо глядзяць Стажары,
Пояс дыяментны
Ткуць нябёс абшары.
 
Лёгкімі шаўкамі
Леглі ў небе хмаркі,
I скрозь іх шчасьліва
Зоркі бляск льюць яркі.
 
Ох, нашто ты, ночка,
Так прыгожа-міла?
Колькі ў сэрцы думак
Ты мне абудзіла!
 
О, нашто пра волю
Голас твой сьпявае,
Калі маё сэрца
Волечкі ня мае?
 
Ой, ня кліч ты, ночка,
На прастор і волю,
Бо заплача сэрца
І душа ад болю!
 
Ночка-чараўніца!
Як ты ціха, міла!
Як ты многа думак
Ў сэрцы абудзіла!
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.