РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ноч перад навальніцай
Стаў чырван месяц круглаліцы,
I зоркі боязна дрыжаць,
А там крыжуюцца зарніцы,
Бы косяць неба-сенажаць.
 
Бурліць крыніца агнявая,
Бы нейкі грозны віхар-вір,
I бляскі-іскры разьлівае,
Як залаты агністы жвір.
 
Замоўк клапотны дзённы голас,
Усюды сон, спакой ляжыць,
На ніве чутка дрэмле колас,
I ліст на дрэве не дрыжыць.
 
Люблю я ночы той час дзіўны,
Калі прастор, абняты сном,
Пабудзіць голас пераліўны –
Далёкіх хмар магутны гром,
 
Калі працягла заракоча,
Гугухне голас угары,
I шыба ў вокнах забразгоча,
I гоман пойдзе па бары.
 
А хмара грозна націскае,
Маланка неба баразьніць.
А ночка сьпіць, а ноч ня знае,
Што зараз бура зашуміць.
 
1910
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.