РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сырцовыя цагліны
Гарадзішча старое на зьліве рэк. 
Больш як дзесяць стагодзьдзяў назад 
Першы зруб паставіў тут чалавек 
І дубовы ўзьвёў палісад. 
Ўсё даўно прамінула, і толькі вясной, 
Калі повень схлыне далоў, 
Аддае неахвотна абрыў над ракой 
Сьлед даўно прамінуўшых гадоў. 
Дагарае сонца на весьняй рацэ, 
Я прыйшоў на знаёмы плёс 
І стаю са звычайнай цаглінай ў руцэ, 
Ўсхваляваны амаль што да сьлёз. 
На паверхні счарнелай цагліны старой, 
Што адмыла рака на сьвет, 
Бачу я адбітак лапэткі малой, 
Сьлед дзіцёнка, забыты сьлед. 
Дзевяцьсот разоў май ішоў па зямлі, 
Разьліваючы ў рэках сінь, 
З тых часоў, як на замчышчы вежы ўзьвялі 
З гэтых самых адменных цаглін. 
Быў сьпякотны дзень. Пад ценем бяроз 
Цэгла сохнула на траве. 
Дойлід еў, а сын, што ежу прынёс, 
Зь белым пухам на галаве, 
Без штаноў, хадзіў на крывых нагах, 
Еў груднічнік і розную дрэнь, 
На жабінае племя наводзіў жах, 
Даганяў свой уласны цень. 
Калі б бацька на сына вочы ўзьняў, 
Ён бы мог пабачыць, што сын 
З асалодаю босай нагою ступаў 
На паверхні вільготных цаглін. 
І адбітак малой дзіцячай нагі 
У аснову крэпасьці лёг. 
Шмат разоў прыходзілі варагі 
На краіны лясной парог, 
Шмат разоў стагнала зямля ад тугі 
І ўзрастаў на руінах палын... 
Але быў непарушны адбітак нагі 
На паверхні сырцовых цаглін.
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.