РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заход сонца
Дагараў дзень, і зьнікалі
Ціха яго блескі,
У зьмярканьні прападалі
Гай і пералескі.
 
Над раўнінай сьнегавою
Чырваньню пажару,
Як бы стужкай залатою,
Зьзяла ў бляску хмара.
 
І ўзьняліся, заігралі
Два слупы ад сонца,
Чуць прыметна ў іх дрыжалі
Хмарак валаконцы.
 
Бляск па небе разьліваўся
Хваляй агнявою.
Я стаяў і любаваўся
Дзіўнаю гульнёю.
 
І далёка скрозь па полі
Гладзь сьнягоў бялела.
Я глядзеў – душа ж па волі
Плакала і млела.
 
І ўзьнімаўся дым клубкамі,
Зьлёгку пазлачоны,
І з апошнімі касамі
Зьнік і слуп чырвоны.
 
І я думаў, што ў ваконцы
Ты, як я, стаяла,
На алошні погляд сонца
Смутна пазірала.
 
1911
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.