РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Як размаўляюць зьвяры і птушкі
Закаханы ў жыцьцё і ў кожную мушку, 
Я іду каля хат і росных садоў. 
І са мной размаўляюць зьвяры і птушкі 
На дзесятках і тысячах розных моў. 
Ў валасы мае вішні свой сьнег завеялі, 
Мне на вуха шэпчуць абшары ніў; 
Маўляў, каго любіш, таго заўжды зразумееш, 
У якой бы скуры ён ні хадзіў. 
Галубы ў ліловых і сініх барвах, 
На мяне паглядзеўшы, вуркочуць так: 
– «Пр-роста вар-рвар, варвар, стр-рашэнны варвар. 
Крыл ня мае, а кр-рочыць, крочыць, дзівак». 
Певень, палкай падбіты, скача, як конік, 
І зьдзіўленым курам, як зрынуты бог, 
Утрапёна крычыць ад болю і гонару: 
– «Не па-паў! Не па-паў! Міма ног! Мі-ма ног!»
Калі ж ноч паплыве над зямлёю мілаю, 
Размаўляюць дзьве жабы ля соннай ракі: 
– «Ку-ума, кума, а што ты вячэраць варыла?»
– «Боршч, боршч, буракі, бура-кі-кі-кі-кі».
Я, напэўна, таксама здаюся ім зьверам, 
І яны разважаюць у засені траў: 
– «Вось ідзе двухногая птушка бязь пер'яў 
Ці мядзьведзь, што шубу ў ламбард заклаў».
 
1957
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.