РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зь песень адзінокага
1

 
Я – адзін, жыву бяз дому,
Сам сабе я першы пан,
Галавы ня гну нікому,
Не схіляю гібкі стан.
 
Я – адзін, нічым ня скован,
Вольны я, бы дух палёў,
Ад разбойнікаў захован,
Ад усякіх зладзяёў.
 
Я – адзін, нічым не зьвязан,
Мне няма над чым карпець,
Сьвет нідзе мне не заказан,
Вольны ўсюды я ляцець.
 
Скарб мой – рукі, конь мой – ногі,
Як пайду – сам чорт ня брат,
Кій у рукі –і з дарогі
Без нуды зірну назад.
 
Даражэй за ўсё – свабода,
Дык што плакацца дарма?
Воля, воля! Толькі шкода,
Што цябе нідзе няма.
 

2

 
Эх, нашто ўздыхаць па волі,
Калі я ня маю долі,
 
Калі марна годы трачу,
Калі сэрца ў смутку плача?
 
Знаць, няшчасным урадзіўся,
Што сьвет белы зачыніўся,
 
Зачыніўся, зьбегся клінам...
Горка быць мужычым сынам!
 
Багач зьзяе ў пазалоце,
Мужык бедны мрэ ў бядоце,
 
У мядалях «зубр» багаты,
А ты носіш адны латы,
 
Бо мужычы сын пахілы
Роўнасьць мае... у магіле.
 

3

 
Я ня маю сваёй хаткі,
Я ня помню роднай маткі.
 
Рос я круглым сіратою,
Як той дуб, што над вадою.
 
Мяне матка не люляла,
Казак, песень не сьпявала.
 
Чуў я толькі песьні бору,
Гадавала мяне гора.
 
Хоць нядоля мяне гнала,
Ўсё ж мне сілы не зламала:
 
Ці ж я ростам не высокі?
Ці ж у грудзях не шырокі?
 
Валасы да плеч густыя,
Мае рукі як стальныя.
 
Спрытна рэжу дол сахою,
Здатны ў лузе за касою!..
 
Толькі ж дол чужы капаю,
Толькі долі я ня маю!
 
Ой, пайду, пайду я ў поле,
Загукаю: «Дзе ты, доля?
 
Дзе ты, шчасьце? Адгукніся,
Ка мне тварам павярніся!»
 
Толькі ж ціха-ціха ў полі,
Толькі вецер дзьме паволі:
 
«Дарма жыцьце тваё гіне,
Няма долі бедачыне!»
 

4

 
Што тужыць, гараваць?
Маю сілу ў руках –
Хлеб змагу даставаць,
Хіба праца мне страх?
 
Я – адзін, я – здароў,
Мейсца ўсюды мне шмат,
Захацеў – і пайшоў,
Пыл узьняўшы з-пад пят.
 
Гаспадарку сваю
Ўсю з сабою вазьму.
Песьню я запяю –
Раскатурхаю цьму.
 
Што мне гнуцца ў дугу?
Каму шапку зьнімаць?
Няўжо ж я не змагу
Сам сябе падтрымаць?
 
Волен сьвет мне кругом,
Дзе прайду – будзе знак,
Дзе прылёг – там і дом,
Кожны бедны – сваяк.
 
1908–1914
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.