РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Якуб Колас
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Роднаму краю
Знае толькі Бог адзіны,
Як мне любы лугавіны
      І родныя межы,
Стужкі поля і дарогі,
Пустак немыя разлогі
      І курганы-вежы;
Як мне мілы тыя хаты,
Дзе красуе мох калматы
      На старэнькай стрэсе;
Гоман вузкіх ніў у полі,
Скібы жоўтыя і ролі,
      Пташак сьпеў па лесе.
Знае Бог адзін, як мілы
Мне мужычыя магілы
      І той крыж драўляны,
Пад каторым косьці тлеюць,
Дзе бярозкі зелянеюць
      І на дол пясчаны
Майскім ранкам сьлёзы роняць,
І галінкі ціха клоняць
      І шумяць маркотна.
Там я вырас, ўзгадаваўся,
Дзе спрадвеку заснаваўся
      І бруіць дрыготна
Жаль вялікі і пакута,
Дзе пануе гора люта
      І нуда разьліта.
І я зросься з гэтым горам,
Як віхры-вятры з прасторам,
      Як з загонам жыта.
А як песьню засьпяваю
Аб зьнішчовым гэтым краі,
Я ня волен над сабою:
Сьпеў мяшаецца зь сьлязою,
      Плачам аддаецца.
Няхай стогне, няхай плача,
Покуль жыцьце стане йначай
І скрозь цемрадзь і гушчары,
Нібы сонейка праз хмары,
      Сьвет нам не прарвецца.
 
1914
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.